Затрыманы ў Тайландзе Іл-76 ляцеў ва Ўкраіну, сцвярджае камандзір экіпажу

Камандзір экіпажу затрыманага ў Тайландзе самалёта Ільяс Ісакаў заявіў, што Іл-76 перавозіў груз ва Ўкраіну. Па словах Ісакава, канчатковым пунктам з'яўляўся аэрапорт "Барыспаль".
"Мы ляцелі ва Ўкраіну. Не ведаю, што гаспадары груза збіраліся рабіць з ім далей, але нас наймалі давезці самалёт і груз да Кіева — аэрапорт "Барыспаль", — цытуе словы камандзіра экіпажу ИТАР-ТАСС.

Ісакаў дадаў, што кампанія "Авіятэкс", якая наймала іх на працу і плаціла заробак, пакуль зусім не цікавіцца лёсам экіпажу. "Яны нават не прыслалі нам адваката", — сказаў ён.

Нагадаем, самалёт са зброяй быў затрыманы 12 снежня спецслужбамі Тайланда. Экіпажу, чатыром грамадзянам Казахстана і 54-гадоваму беларусу Міхаілу Петухову (на здымку), прад'явілі абвінавачанні ў незаконным захоўванні выбуховых рэчываў і зброі, а таксама дачы заведама непраўдзівых паказанняў. Лётчыкі сваю віну адмаўляюць і сцвярджаюць, што нічога не ведалі пра зброю.

Сёння стала вядома, што паліцыя Тайланда працягнула яшчэ на 12 дзён тэрмін арышту экіпажу самалёта Іл-76, затрыманага ў аэрапорце Бангкока.