Завод “Нёман” на мяжы страйку: рабочыя чакаюць дапамогі міністра

4 лістапада рабочыя шклозавода “Нёман” адаслалі калектыўны зварот на імя міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Селязнёва.

Яны просяць разабрацца з парушэннем Працоўнага кодэкса на прадпрыемстве. З парушэннем закону рабочых пераводзяць на скарочаны працоўны дзень, затрымліваюць заробкі, запознена і не ў поўным аб’ёме выдаюць спецхарчаванне для працаўнікоў шкоднай вытворчасці.

Увесь гэты год незадаволенасць нарастала. Але апошняй кропляй стаў загад пра падвышэнне нормаў выпрацоўкі на 20%, а на некаторыя віды прадукцыі – да 50%, прычым з фактычным змяншэннем заробкаў. Ад новага года рабочыя будуць зарабляць на 15-20% меней, вырабляючы прадукцыі на 20% болей.

Новыя нормы будзе вельмі складана выконваць, не кажучы ўжо пра перавыкананне, за якое налічваліся прэміяльныя выплаты. Арганізавалі збор подпісаў актывісты бярозаўскай суполкі руху “За свабоду”.

Агулам пад зваротам падпісалася больш за 1000 чалавек. Былі і такія, якія пабаяліся падпісвацца, але іх было няшмат. Здаралася, калі начальнікі зменаў адбіралі ў працоўных падпісныя лісты і знішчалі іх.

“Настрой у працоўных рашучы, і ў выпадку, калі міністэрства не прыме належных захадаў па ўрэгуляванні сітуацыі рабочыя не выключаюць правядзення страйку”, — сказаў Еўрарадыё кіраўнік бярозаўскай суполкі руху “За свабоду” Сяргей Трафімчык.