Зборная Беларусі ўзнялася ў рэйтынгу ФІФА на рэкорднае 42-е месца

За два месяцы зборная Беларусі ўзнялася на 36 пазіцый! Нацыянальная зборная Беларусі па футболе ўпершыню ў сваёй гісторыі ўзнялася на 42-е месца сусветнага рэйтынгу. Абноўлены рэйтынг апублікаваны сёння на сайце ФІФА. Наша каманда набрала за месяц 69 ачкоў і паднялася адразу на 13 пазіцый. Такім чынам, беларусы апярэдзілі Балгарыю (43-е месца), Румынію (50-е), Боснію і Герцагавіну (53-е). 

Сярод сапернікаў па адборачнай групе да чэмпіянату Еўропы наша зборная згодна з рэйтынгам саступае толькі французам, якія падняліся з 27-й на 18-ю прыступку. У лідарах па-ранейшаму Іспанія, Галандыя і Бразілія.

Адзначым, што за два месяцы зборная Беларусі ўзнялася на 36 пазіцый! За гэты час наша каманда выйграла ў французаў і албанцаў ды згуляла ўнічыю з румынамі і люксембуржцамі. Прычым за ўсе чатыры матчы беларусы не прапусцілі ніводнага гала.


Фота — bymedia.net