З’езд беларусаў свету пад пагрозай зрыву з-за адсутнасці памяшкання

З’езд беларусаў свету можа адбыцца на вуліцы альбо ў замежжы. Высветлілася, што для яго правядзення ў Мінску не даюць памяшкання.  З’езд запланаваны на 18-19 ліпеня. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” атрымала адмову ад 17 дзяржаўных устаноў, якія могуць прадаставіць залу. Афіцыйна адмаўляюцца па прычыне рамонтаў, аднак, на думку старшыні згуртавання Алены Макоўскай, у гэтым ёсць палітычная воля ўладаў.

Алена Макоўская: “Рэальна вельмі цяжка паверыць, што ў час эканамічнага крызісу цэнтральныя мінскія будынкі становяцца на рамонт. Мне падаецца, што было б лагічна, калі б яны на арэндзе хаця б грошы нейкія зараблялі. Таму за гэтым бачыцца нейкая палітычная воля ці рашэнне”.

На сённяшні дзень адмовіліся ўсе, таму арганізатары баяцца, што з’езд давядзецца ладзіць або на вуліцы на адной з плошчаў, або за межамі краіны.

Алена Макоўская: “Зараз будзем пачынаць перамовы з нашымі партнёрамі з замежжа, аб перанясенні месца правядзення з’езду як варыянт у Літву, ў Вільню”.