Жанна Літвіна: На ўдзел у Еўранэсце прэтэндуе БАЖ, а не саюз журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў, а не Беларускі саюз журналістаў прэтэндуе на тое, каб у ліку іншых дэмакратычных грамадскіх арганізацый увайсці ў склад беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (Еўранэст). Пра гэта Еўрарадыё паведаміла старшыня БАЖ Жанна Літвіна.
Нагадаем, у суботу агенцтва БелаПАН распаўсюдзіла інфармацыю пра склад беларускай дэлегацыі. Спасылаючыся на кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, польскага дэпутата Яцэка Пратасевіча, былі пералічаныя тыя структуры, прадстаўнікі якіх будуць браць удзел у працы Еўранэста. Сярод іх і быў названы "Беларускі саюз журналістаў".

Але як паведаміла Еўрарадыё Жанна Літвіна, у тэкст, які паспелі перадрукаваць многія СМІ, трапіла памылка. У спісе фігуруе БАЖ, а не БСЖ.

Жанна Літвіна: “Гэта пераблыталі, канешне”.

У той жа час, старшыня БАЖу раіць не спяшацца з выновамі — да канчатковага рашэння па складзе беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце яшчэ далёка.

Жанна Літвіна: “Рашэнне будзе прымацца праз месяц на канферэнцыі старшыняў Еўрапарламента. Да рашэння вельмі далёка. І спісаў ужо існуе штук пяць у рознай канфігурацыі. Але БАЖ фігуруе паўсюль”.

І кажа, не прынята канчатковае рашэнне з боку самой арганізацыі аб удзеле ў працы Еўранэста.