Жонкі загінулых пілотаў Су-27 атрымаюць страхоўкі да сярэдзіны снежня

Закрытае акцыянернае страхавое таварыства "Прамтрансінвест" атрымала з Міністэрства абароны Беларусі пакет дакументаў, датычных катастрофы Су-27УБМ1. Страхоўшчыкі кажуць, што атрымалі выпіску, "у тым ліку выснову па людзях". Плануецца, што жонкі загінулых пілотаў змогуць атрымаць страхоўкі да сярэдзіны снежня. Выплаты будуць зробленыя аднамаментна.

Дамова добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў (лётна-пад'ёмны склад) на 60 тыс. долараў ЗША (па 30 тыс. даляраў ЗША на кожную застрахаваную асобу) складзены з "Прамтрансінвестам" 24 жніўня.

У гэты жа дзень было складзена яшчэ дзве дамовы: першая — дамова добраахвотнага страхавання паветранага судна на 870 тыс. долараў ЗША; другая — дамова добраахвотнага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветраных суднаў з лімітам адказнасці перад трэцімі асобамі на 1 млн долараў ЗША.

Што датычыць самалёта, то страхавая кампанія яшчэ чакае ад вайскоўцаў шэраг тэхнічных дакументаў. Пасля іх атрымання будзе прынята рашэнне пра выплаты.

Па трэцяй дамове прэтэнзій ні да страхоўшчыкаў, ні да Міністэрства абароны Беларусі не было. За разлітую газу жыхары населенага пункта, дзе зваліўся самалёт, выстаўлялі свае прэтэнзіі Мінабароны Польшчы.

Наконт прычынаў катастрофы знішчальніка страхоўшчыкі не кажуць: маўляў, гэта не ўваходзіць у іх кампетэнцыю.

Як нагадвае БелаПАН, знішчальнік разбіўся падчас дэманстрацыйнага палёту на авіяшоу ў польскім Радаме 30 жніўня. Пілоты — палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч загінулі.

Матэрыялы расследавання катастрофы паступілі ў Мінабароны Беларусі з Польшчы 20 кастрычніка. На наступны дзень беларускія вайскоўцы паабяцалі, што пасля вывучэння і аналізу прадставяць матэрыялы грамадскасці.