Журналіст Кашын: Справа пра замах на мяне раскрытая, зламыснікі хаваліся ў Магілёве

Журналіст Кашын: Справа пра замах на мяне раскрытая, зламыснікі хаваліся ў Магілёве

Расійскі журналіст Алег Кашын заявіў, што праваахоўнікі раскрылі справу пра замах на яго, які адбыўся 6 лістапада 2010 года. У сваім блогу Кашын  апублікаваў імёны падазраваных — гэта супрацоўнікі аховы Механічнага завода ў Санкт-Пецярбургу.

Кашын сцвярджае, што абвінавачванні выстаўленыя тром удзельнікам замаху. Ён кажа, што начальнік аховы завода Даніла Весялоў і яго падначалены Міхаіл Каўтаскін знаходзяцца пад арыштам. Яшчэ аднаму ахоўніку завода Вячаславу Барысаву, як паведамляе Кашын, абвінавачванне выставілі завочна. Ён, нібыта хаваецца ў Беларусі, у Магілёве, дзе раней хаваліся і два папярэднія фігуранты справы.

Журналіст заяўляе, што ў справе фігуруе і Аляксандр Гарбуноў — кіраўнік холдынгу "Ленінец", у які ўваходзіць Механічны завод. Ён, нібыта, выплаціў у якасці ўзнагароды за гэтае злачынства 3 млн 300 тыс. расійскіх рублёў. Сам Гарбуноў ураджэнец Магілёва, таму ён дапамагаў нападнікам хавацца ў сябе на радзіме. Самога Гарбунова затрымалі некалькі тыдняў таму па іншым абвінавачанні.

Замах на Алега Кашына адбыўся 6 лістапада 2010 года. Невядомыя нанеслі яму 56 удараў жалезным прутом, зламаўшы галёнку, верхнюю і ніжнюю сківіцы, кісці рук, нанёсшы чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя шматлікія пашкоджанні.

Фота: ТАСС