Журналіст РЕН ТВ: Пасля Плошчы нам "параілі" не выходзіць на вуліцу

Пасля таго, як журналісты расійскага тэлеканалу РЕН ТВ заснялі падзеі на Плошчы 19 снежня каля Дому ўраду, беларускія спецслужбы параілі ім не выходзіць з камерай на вуліцу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў спецыяльны карэспандэнт РЕН ТВ Дзмітрый Тархоў, які асвятляў падзеі ў Беларусі. Журналіст кажа, што падчас здымак сюжэту пра выбары ў Беларусі ў іх пацярпела тэхніка. Акрамя таго, адзначае Тархоў, у першы дзень пасля выбараў яны заўважылі, што за імі сочаць:

Тархоў: "Нам параілі не выходзіць на вуліцу, не перамяшчацца ні ў якім разе з камерай. Канешне, у першы дзень пасля выбараў мы паехалі здымаць. Калі мы зайшлі у кавярню проста паесці, з намі доўгі час сядзеў чалавек - ён у пустой кавярні сядзеў каля нас. Так відавочна гэта было... Было ўражанне, што ён не сачыў за намі, а проста спрабаваў спалохаць".

Тархоў адзначыў, што падчас здымак на Плошчы пацярпелі шматлікія журналісты. Непасрэдна яго, паведаміў журналіст, ударам у жывот "адключылі" на паўгадзіны.