Жыхар Мікашэвічаў сярод дня скраў з мінскай крамы вялікую канапу

24-гадовы жыхар Мікашэвічаў сярод дня змог скрасці з крамы ў Мінску грувасткую канапу коштам больш за 1,5 мільёна рублёў.
Дапамаглі яму грузчыкі з той жа крамы, якія не аб чым не падазравалі.

Як піша “Рэспубліка”, зламыснік падслухаў размову пакупніцы з прадаўцом. Жанчына расплацілася за канапу і прасіла прывезці яе пазней пасля тэлефанавання. Хлопец скарыстаўся гэтай інфармацыяй і, апярэдзіўшы гаспадыню пакупкі, патэлефанаваў у краму.

Ён назваў свой адрас. Па ім мэблю і даставілі. Маладзён планаваў перавесці канапу ў Мікашэвічы, але ў краме своечасова спахапіліся і вярнулі яе сапраўднаму пакупніку. Распачата крымінальная справа.