Злачынца, які ўцёк з пісталетам з жодзінскага суда, мог перабрацца ў Расію

Сяргей Багдашоў, які 29 траўня раззброіў вартаўніка і ўцёк з будынка жодзінскага суда, не перасякаў мяжу Беларусі, якая ахоўваецца памежнікамі. Аб гэтым паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт. 
Як вядома, памежнікі нясуць службу на мяжы з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Ўкраінай. Такім чынам, робіцца намёк на тое, што збеглы злачынца мог перабрацца на тэрыторыю Расіі.   
Нагадаем, Багдашова ўжо абвесцілі ў міждзяржаўны вышук, які распаўсюджваецца на ўсе краіны СНД. Пяць дзён яго пошукаў у Беларусі не далі вынікаў.

На рахунку 31-гадовага ўраджэнца Асіповіцкага раёна налічваецца каля трох дзясяткаў крымінальных эпізодаў. Пракурор патрабаваў для яго 10 гадоў турмы, аднак суддзя зачытаць прысуд не паспеў. Міліцыя абвесціла ўзнагароду за інфармацыю, што дапаможа знайсці Сяргея Багдашова.