Зваршчыка, затрыманага за пажар на МЗВТ, адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

Міліцыянты адпусцілі 47-гадовага зваршчыка Мінскага заводу вылічальнай тэхнікі, якога затрымалі 11 траўня ў якасці аднаго з падазраваных па справе аб пажары на прадпрыемстве. З яго толькі ўзялі падпіску аб нявыездзе. Як паведамляе БелаПАН, другі падазроны — 28-гадовы майстар прадпрыемства — пакуль знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Але, хутчэй за ўсё, яго таксама адпусцяць пад падпіску аб невыяздзе ўвечары 14 траўня. Абодва фігуранты застаюцца ў статусе падазроных. Абвінавачванне ім яшчэ не выстаўлялася.

Нагадаем, пры ліквідацыі пажару на МЗВТ 11 траўня загінулі чацвёра выратавальнікаў. Пажар нанёс шкоду заводскай маёмасці на суму каля 623 млн рублёў.