Звольнены пасля выбараў актывіст ў Кіраўску так і не змог уладкавацца

Аляксандр Баран, актывіст ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і кампаніі "Гавары праўду!" з горада Кіраўска Магілёўскай вобласці быў вымушаны звольніцца з працы ў хуткім часе пасля сканчэння выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. "Мне прапанавалі два варыянты майго звальнення – альбо па артыкуле, альбо па ўласным жаданні. Я выбраў другі варыянт", - распавёў Аляксандр Баран.

Вось ужо на працягу трох месяцаў пасля свайго звальнення актывіст не можа знайсці працу ў Кіраўску. Як кажа Аляксандр, у невялікім раённым гарадку ўладкавацца на працу наогул складана, а яго асабіста яшчэ наймальнікі не жадаюць браць з-за актыўнага ўдзелу ў кампаніі "Гавары праўду!" і ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева.

28 сакавіка ўрачэная камісія ў горадзе Бабруйску пазбавіла Аляксандра Барана трэццяй групы інваліднасці. Зараз ён застаўся практычна без сродкаў да існавання, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Па інваліднасці я атрымліваў дзвесці дваццаць тысяч рублёў, гэта дазваляла хоць неяк існаваць, - гаворыць Аляксандр Баран. – Зараз мяне пазбавілі і гэтай невялічкай пенсіі. З рашэннем бабруйскай урачэбнай камісіі я не пагадзіўся, бо па-ранейшаму пасля перанесенага інсульта адчуваю сябе дрэнна. Таму я адразу ж сабраў усе неабходныя дакументы і падаў іх у абласную ўрачэбную камісію ў Магілёў. Зараз буду чакаць, калі яны выклічуць мяне для правядзення медыцынскага агляду".