100 чалавек уключаныя ў адзіны спіс кандыдатаў ад дэмсілаў на будучыя выбары

У адзіны спіс кандыдатаў ад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў на будучыя выбары ўключаныя ўжо 100 чалавек. 50 кандыдатаў дадалося сёння, калі іх зацвердзіла Палітрада. Яны прадстаўляюць усе рэгіёны краіны, акрамя Гомельшчыны. Сярод новых кандыдатаў у спісе пераважаюць сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі - 12 чалавек, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) - 10, Партыі БНФ - 8, Партыі камуністаў - 7. У спіс патрапіў адзін сябра "Маладога фронту".

Што да персаналіяў, дык, паводле інфармацыі БелаПАН, сярод зацверджаных ёсць кандыдатуры наступных дзеячоў: фронтаўца Юрася Губарэвіча, сацыял-дэмакратаў Анатоля Ляўковіча і Валерыя Фралова, лібералаў Яраслава Раманчука, Юрыя Істоміна і Людмілы Гразновай.