10:27 Сарказі і Руаяль выйшлі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі

Паводле канчатковых вынікаў, апублікаваных у панядзелак раніцай, у першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Францыі перамог правацэнтрыст Нікаля Сарказі. Ён набраў 31,11% галасоў, паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкай на ВВС.
На другім месцы - кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Сегален Руаяль, якая набрала 25,84% галасоў. На трэцім месцы - цэнтрыст Франсуа Байру, на чацвёртым - лідэр ультраправага "Нацыянальнага фронту" Жан-Мары Ле Пэн.

Яўка грамадзян на нядзельных выбарах была адной з самых высокіх за апошнія 50 гадоў, амаль 85%. Усяго ў першым туры было выстаўлена 12 кандыдатур. Акрамя згаданых чатырох палітыкаў, ніхто з астатніх прэтэндэнтаў не перавысіў 5%.