12:21 Паводле міліцыянтаў у акцыі 25 сакавіка ўдзельнічалі 3 тысячы чалавек

Паводле афіцыйных даных Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, максімальная колькасць удзельнікаў акцыі апазіцыі 25 сакавіка склала каля 3.000 чалавек. Гаворка ідзе аб прысутных на мітынгу каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамілі ва ўпраўленні.

У міліцэйскай зводцы даецца таксама інфармацыя аб пачатку акцыі, калі ў 11.45 на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцамі Леніна і Купалы на чале з лідэрамі апазіцыйных сіл сабраліся прыкладна па 200 чалавек, і пра паход групы маладых людзей колькасцю да 250 чалавек пасля завяршэння мітынгу да Нацыянальнай бібліятэкі.

Даных пра затрыманых удзельнікаў акцыі на святкванні Дня волі ў зводцы ГУУС за 25 сакавіка няма. Няма і інфармацыі аб колькасці ўдзельнікаў афіцыйнай акцыі "За незалежную Беларусь", што праходзіла каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў аэрапорце "Мінск-1". Такое становішча у ГУУС патлумачылі тым, што інцыдэнтаў на гэтых пляцоўках не было.