15-га ліпеня ў Скандынавіі выйдзе першы сінгл беларуска-шведскага гурта Dreamgale

15-га ліпеня ў Скандынавіі пабачыць свет першы сінгл беларуска-шведскага гурта Dreamgale пад назвай “Wonders” (“Цуды”). Дыстрыбутар кружэлкі - гуказапісвальная кампанія Sound Pollution, якая распаўсюджвае творчасць такіх гуртоў, як Nightwish, InFlames ды Whitesnake. У аснове Dreamgale - містычная гісторыя, якая ў шведскіх СМІ ды ў скандынаўскім сектары інтэрнета даўно абрасла мохам легенды. Удзельнікі гурта, беларусы Зміцер Палагін, Міхась Сэндэр і шведка Сафія Матсан сцвярджаюць, што ўпершыню сустрэлі адзін аднаго… у сне. Нашмат пазней яны пазнаёміліся ў рэчаіснасці і, прасякнуўшыся цікаўнасцю да гэткіх дзівосаў, вырашылі пабудаваць на гэтай падставе імідж Dreamgale.

З Беларуссю музыкаў знітоўвае таксама і тое, што Змітра Палагіна ў свой час вучыў іграць на гітары Сяргей Трухановіч, гітарыст гурта “Крама”.

Сур'ёзна ўзяцца за новы беларуска-шведскі гурт вырашыў вядомы шведскі прадзюсар Пэр Адэрбрат, дзякуючы якому свет калісьці дазнаўся пра Army of Lovers ды Ace of Base. Так што ў тым, што Dreamgale разбавіць надакучлівыя 75% беларускай музыкі свежай еўрапейскай хваляй, сумнявацца не даводзіцца!