16:36 ТБМ ініцыявала будаўніцтва аўтадарогі між Стабцоўшчынай і Нясвіжчынай

Камунальныя службы падтрымалі прапанову Таварыства беларускай мовы пра будаўніцтва аўтадарогі Любкоўшчына-Куноса, якая злучыць Стаўбцоўскі і Нясвіжскі раёны Мінскай вобласці.
Пра гэта гаворыцца ў адказе кіраўніцтва прадпрыемства “Мінскаблдарбуд” старшыні ТБМ Алегу Трусаву. Праўда, у лісце адзначаецца, што сёлета пабудаваць дарогу не атрымаецца, паколькі планы на 2007 год былі зацверджаныя яшчэ летась.

А вось у наступным годзе, пры неабходным фінансаванні, будаўніцтва можа пачацца. Тым не менш, сёлета будзе зроблена праектна-каштарысная дакументацыя па гэтым праекце.

Па словах Трусава, кіраўніцтва ТБМ звярнулася ў Мінскі аблвыканкам з прапановай злучыць "нармальнай дарогай" Стаўбцоўскі і Нясвіжскі раёны, каб у год 125-годдзя з дня нараджэння Народнага паэта Якуба Коласа людзі маглі бесперашкодна наведваць Коласаўскі заказнік, дзе знаходзіцца мастацка-мемарыяльны комплекс "Шлях Коласа", месцы яго дзяцінства і юнацтва, а таксама філіял Літаратурна-мемарыяльнага музея Коласа.