Абскарджана рашэнне суда аб адмове ў змяненні меры стрымання Някляеву

Адвакат былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Уладзімір Букштынаў абскардзіў рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска аб адмове ў змяненні меры стрымання Някляеву ў Мінскім гарадскім судзе. Аб гэтым адкават паведаміў БелаПАН.

Нагадаем, 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска адхіліў скаргу Букштынава аб змяненні яго падабароннаму меры стрымання. Паводле слоў адваката, галоўным матывам такога рашэння стала тое, што палітык абвінавачваецца ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства.

"Скаргу ў Мінскі гарадскі суд я падаў у той жа дзень. Улічваючы святы і выхадныя, сёння, 10 студзеня, у Мінскі гарадскі суд павінны паступіць усе дакументы па маёй скарзе. На працягу трох дзён суд павінен яе разгледзець, г.зн. у сераду-чацвер адбудзецца пасяджэнне па разглядзе скаргі", — сказаў Букштынаў.

Адвакат адзначыў, што ў мінулым годзе не меў магчымасці сустрэцца са сваім падабаронным. Таму ён не ведае, у якім стане знаходзіцца Някляеў.