Ад сёння дзейнічае закон пра абавязковую дактыласкапію ваеннаабавязаных

21 красавіка ўступіў у сілу закон пра дактыласкапію. Цяпер яна стала абавязковай для ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян Беларусі. Раней гэтая працэдура была абавязковай толькі для некаторых катэгорый грамадзян, астатнія маглі зрабіць гэта добраахвотна. Як нагадвае БелаПАН, масавай дактыласкапіяй жыхароў Беларусі міліцыянты заняліся пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску. Аднак знайсці злачынцу дагэтуль не ўдалося.

Па звестках на 1 снежня 2009 года дактыласкапію ў ваенкаматах прайшлі 1,4 млн. чалавек, або 61% ад агульнага ліку людзей, якія стаяць на вайсковым уліку.

19 красавіка міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў заявіў, што МУС не будзе фарсіраваць працэс дактыласкапіі ваеннаабавязаных, бо няма такой неабходнасці. Пры гэтым ён адзначыў, што калі б такая задача была пастаўленая, то правесці дактыласкапію ваеннаабавязаных можна было б за тры-чатыры месяцы.