Адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма пра гомельскія Курапаты

Прэзентацыя дакументальнага фільма “Лес смерці” прайшла ў Гомелі. Яна прысвечана масавым растрэлам людзей, якія праходзілі ў сталінскія часы ў лясах недалёка ад горада – ва ўрочышчах Тры Слупы і Боркі.
Пра іх загаварылі летась, калі масавыя пахаванні даследавалі пашукавікі Міністэрства абароны. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што там ляжаць ахвяры НКВД, а афіцыйная камісія не дала пэўнага адказу наконт таго, хто ж расстраляў людзей.

Вось што сказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё ўдзельнік прэзентацыі фільма грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык:

“Як вядома, сённяшнія ўлады спісалі злачынствы камуністычнага рэжыму на нацысцкі рэжым. Гэтае рашэнне хутчэй за ўсё канчатковае. Натуральна, яно нас не задавальняе, і трэба шукаць шляхі беларускай грамадскасці для таго, каб памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій была ўшанавана”.

Сіўчык спадзяецца, што да канца года з’явіцца вялікі дакументальны фільм на тэму гомельскіх Курапатаў.