Адсёння Расія забараніла ўвоз 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі

Ад 6 чэрвеня Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расію амаль 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі.

Як заявіў журналістам галоўны дзяржаўны санітарны ўрач РФ Генадзь Анішчанка, гэта звязана з тым, што беларускія вытворцы не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, якія набылі моц яшчэ ў снежні 2008 года.

Паводле яго слоў, на гэты час амаль 500 відаў малочнай прадукцыі з Беларусі, якая пастаўляецца ў Расію, не маюць аформленых па новых правілах дакументаў. 5 чэрвеня Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць фармавання адзіных датацый сельгасвытворцам Расіі і Беларусі. У прыватнасці, зазначыў ён, датацыі, якія Беларусь дае сваім вытворцам цэльнага малака, дасягаюць 24%, у той час як у Расіі гэтыя датацыі складаюць толькі 3%.

У сваю чаргу, губернатар Белгародскай вобласці Яўген Саўчанка паведаміў, што імпарт цэльнага малака з Беларусі ў Расію складае 2 млн. тон за год. "Беларусь сёння знішчае нашу малочную галіну. Можа быць, гэта робіцца мэтанакіравана", — выказаў меркаванне губернатар.

БелаПАН