Ахлабысцін заявіў у Магілёве, што хоча ўвядзення расійскіх войск ва Украіну
Адзін з ідэолагаў "русского мира" правёў турнэ па Беларусі з "духоўнымі гутаркамі".
Скандальны расійскі актор Іван Ахлабысцін скончыў сваё турнэ па Беларусі. Апошняя яго "духоўная гутарка" прайшла ў Магілёве ў найвялікшай канцэртнай зале горада — Палацы вобласці. Разлічаная на тысячу месцаў, яна была запоўнена больш чым на палову. Публіка сабралася стракатая — ад моладзі да людзей сталага веку, інфармуе Радыё Свабода.
Творчы вечар Ахлабысціна доўжыўся дзве гадзіны. Амаль увесь гэты час ён адказваў на пытанні, якія людзі загадзя напісалі на паперках. Дзеля абароны аўтарскіх правоў фота і відэаздымкі выступу расійскага госця забаранілі.
Некалькі пытанняў датычылі сітуацыі ва Украіне. Іван Ахлабысцін выказаўся за тое, каб Расія як мага хутчэй увяла на Данбас свае войскі. На думку расійскага актора, гэта выратуе жыцці ўкраінцаў.
Увесці войскі ва Украіну, паводле Ахлабысціна, Расію змушаюць у тым ліку і абставіны: "Бо калі гэтага не будзе, то пачнуцца хваляванні і ў нас [у Расіі]. Будуць напалоханыя алігархі. Пакоціцца крывавы вал рэпрэсій. У вас жа таксама хутка, як разумею, выбары. Значыць, больш будзе арыштаваных па розных эканамічных артыкулах. Ёсць агульныя дзяржаўныя заканамернасці. Лес сякуць — шчэпкі ляцяць".
Нагадаем, Іван Ахлабысцін таксама правёў свае "духоўныя гутаркі" (у мінулым ён — праваслаўны святар) у Мінску і Гродне. Ён вядомы сваёй падтрымкай дзеянняў Расіі ва Украіне. З-за гэтага грамадзяніну Расіі забаронены ўезд ва Украіну і Латвію.
Ахлабысцін напісаў, што ў Беларусі яго палохаюць "фашысты" (фота)
Фота — mk.ru