Акадэмія музыкі набыла скрыпку XVII стагоддзя працы Андрэа Гварнэры

Скрыпку XVII стагоддзя працы Андрэа Гварнэры набыла Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Унікальны інструмент ўжо дастаўлены ў Мінск, паведамляе БЕЛТА. Скрыпка фірмы Florian Leonhard Fine Violins (Лондан) вырабленая ў італьянскім горадзе Крэмона ў 1673 годзе. Смычок да яе выкананы майстрам Генры ў другой палове XIX стагоддзя.

Сапраўднасць скрыпкі і скрыпічнага смычка пацверджаная сертыфікатамі. Выснову пра стан інструмента прадаставілі расійскі эксперт Міхаіл Гаронак і прафесар кафедры скрыпкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Эдуард Кучынскі.

Граць на ўнікальнай скрыпцы працы Гварнэры змогуць адораныя скрыпачы акадэміі музыкі падчас удзелу ў прэстыжных міжнародных конкурсах, важных канцэртных мерапрыемствах.