Актывісты БХД будуць хадзіць да касцёла св. Язэпа падземнымі хадамі

А на пачатку наступнага тыдня яны панясуць заяву ў пракуратуру. Нагадаем, што 21 верасня арганізатараў акцыі ў абарону касцёла св. Язэпа затрымалі на падыходзе да месца імпрэзы. Сярод затрыманых былі сустаршыні аргкамітэта БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі ды інш. Затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў. Заяву ў пракуратуру беларускія хадэкі панясуць адразу пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сустаршыня аргкамітэта “БХД” Павал Севярынец.

Севярынец: "Разбярэмся з выбарчымі справамі да падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў пятніцу і шчыльна зоймемся гэтымі выпадкамі. Думаю, што на пачатку наступнага тыдня. У пятніцу ў асноўным вызвалімся і ў панядзелак будзем падаваць гэтыя паперы".

Палітык пажартаваў, што на будучыя акцыі будзе дабірацца да касцёла праз падземныя хады. Нагадаем, што з 16 верасня ў Мінску штодзень праходзяць акцыі за перадачу вернікам касцёла і кляштара бернардынцаў. Цяпер яго збіраюцца перабудаваць у гатэльны комплекс.