Актывісты Салігорска заклікаюць спыніць знішчэнне гарадскога лесу

24 лістапада грамадскія актывісты Салігорска распаўсюдзілі адкрыты ліст з патрабаваннем спыніць знішчэнне гарадскога лесу. Зварот, пад якім падпісаліся больш як 20 чалавек, быў таксама перададзены ў Салігорскі выканаўчы камітэт. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з падпісантаў, праваабаронца Аляксей Валабуеў. Паводле яго слоў, прычынай стала высечка дрэў лесапаркавай зоны пад будаўніцтва элітнага жылля

Актывісты патрабуюць неадкладна спыніць знішчэнне лесу і ўнесці адпаведныя змены ў генплан горада. Прапаноўваюць праверыць законнасць прыняцця рашэнняў аб выдзяленні зямлі ў парку.

Актывісты лічаць неабходным правесці незалежную экалагічную экспертызу па фактах знішчэння лесапаркавых зон у горадзе. Яны таксама патрабуюць правядзення грамадскіх слуханняў.

Як паведаміў Валабуеў, у хуткім часе актывісты маюць намер пачаць збор подпісаў у абарону гарадскога лесу ў Салігорску. Яны таксама плануюць прыцягнуць да вырашэння праблемы кандыдатаў у прэзідэнты і падаць заяўку на правядзенне пікета ў абарону навакольнага асяроддзя 10 снежня.