Алесь Бяляцкі: "Новы кіраўнік "Freedom House" глыбока сядзіць у беларускай тэме"

Міжнародную праваабарончую арганізацыю “Freedom House” узначаліць Дэвід Крэмэр. Ён вядомы як спецыяліст па Беларусі.  Ці адаб'юцца гэтыя змены ў кіраўніцтве "Freedom House" на стаўленні арганізацыі да Беларусі, Еўрарадыё запытала ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Бяляцкі: "Нядаўна выйшаў артыкул Крэмэра, прысвечаны палітыцы адносінаў Германіі і ЗША да Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што ён глыбока сядзіць у беларускай тэме. Ацэнкі “Freedom House” у дачыненні да Беларусі будуць аб’ектыўнымі".

Праваабаронца адзначыў, што папярэднія ацэнкі “Freedom House” былі аб’ектыўнымі і досыць строгімі. У рэйтынгах па фармальных прыкметах узроўню свабоды Беларусь займала апошнія месцы.

Былы намеснік дзяржсакратара ЗША Крэмэр тры гады працаваў намеснікам Кандалізы Райс і курыраваў адносіны з Беларуссю, Расіяй, Малдовай і Ўкраінай. Да выканання абавязкаў новы кіраўнік праваабарончай арганізацыі прыступіць 4 кастрычніка.