Алесь Міхалевіч папрасіў Філарэта паспрыяць змякчэнню прысуду Здзвіжкову

Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч звярнуўся з адкрытым лістом да мітрапаліта Філарэта з просьбай хадайнічаць перад органамі дзяржаўнай улады аб змякчэнні прысуду Аляксандру Здзвіжкову.
Нагадаем, 18 студзеня мінскі суд прыгаварыў былога намесніка галоўнага рэдактара газеты “Згода” да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Здзвіжкова пакаралі за “распальванне рэлігійнай варожасці”.

Ён падпісаў нумар газеты, у якой былі перадрукаваныя карыкатуры на прарока Мухамеда, апублікаваныя ў дацкай прэсе. У інтэрв’ю Еўрарадыё Міхалевіч выказаў спадзяванне, што мітрапаліт Філарэт здолее паўплываць на лёс журналіста.

Алесь Міхалевіч:
“Мітрапаліт Філарэт — кіраўнік Царквы, якая мае вялікі аўтарытэт у краіне. На маё меркаванне, у справе Здзвіжкова, якая мае рэлігійны характар, быў вынесены несправядлівы прысуд. Я звярнуўся да мітрапаліта з тым, каб ён выкарыстаў увесь свой уплыў для таго, каб зменшыць прысуд Аляксандру Здзвіжкову”.