Аляксандр Фядута: Галовы ў Беларусі ляцяць з-за эканамічнай сітуацыі

З просьбай пракаментаваць верагодныя і рэальныя адстаўкі, а таксама магчымы арышт былога старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі мы звярнуліся да аналітыка, аўтара кнігі “Лукашенко. Политическая биография” Аляксандра Фядуты. Ён, як і шэраг іншых экспертаў, перакананы, што галовы ў Беларусі ляцяць з-за эканамічнай сітуацыі.


“Было зразумела, што калі Расія пачне выходзіць з намі на эканамічнае супрацоўніцтва па еўрапейскіх стандартах, гэта будзе вельмі цяжкі час, і падчас гэтага пачнецца крызіс улады. Вось ён і пачаўся”, — кажа Фядута.

Еўрарадыё: Наколькі, на Вашую думку, праўдападобныя версіі аб адстаўцы Сідорскага і арышце Сухарэнкі?

А. Фядута: “Ніхто не быў здольны пацвердзіць гэтую інфармацыю. Ніхто яе і не абвяргаў. Абвергнуць яе можа толькі спадар Сухарэнка, але гэта, на мой погляд, не мае ніякага сэнсу. Бо пасадзілі Сухарэнку, ці не пасадзілі — нічога з гэтага не вынікае. У нас шмат хто сядзеў і шмат хто не сядзеў з былых высокапастаўленых асобаў”.

Уплыў Расіі і Крамля ў прыватнасці на сітуацыю ў Беларусі спадар Фядута акрэсліў так:

“Уплыў праз кошты на газ і на нафту. А Крэмль — гэта і не газ, і не нафта. Трэба прызвычаіцца, што мы жывем у суверэннай краіне, і ніякі Крэмль не ўплывае на прызначэнне ніякіх прэм’ераў".

Фота - belgazeta.by