Аляксандр Глеб аднавіў трэніроўкі ў асноўным складзе “Барселоны” (фота)

Аляксандр Глеб у аўторак, 20 ліпеня распачаў трэніроўкі з “Барселонай”. Беларус трапіў у дзясятку футбалістаў асноўнага складу разам з Ібрагімавічам, Адрыяна, Міліта, Кейта і іншымі. Таксама ў трэніроўцы паўдзельнічалі і 18 футбалістаў дубля. Як распавёў Еўрарадыё менэджар Глеба Мікалай Шпілеўскі, напярэдадні Аляксандр паспяхова прайшоў медагляд. Тым часам не сціхаюць чуткі пра магчымы пераход беларуса ў “Мілан”, “Валенсію” або ў адзін з клубаў Англіі. Раней Шпілеўскі адзначаў, што ў Глеба няшмат шанцаў застацца ў “Барселоне”, таму каталонскі клуб не супраць, калі беларускі паўабаронца пяройдзе ў іншую каманду.

Шпілеўскі: “Зразумела, што хацелася б гуляць у дастаткова дабротнай, добрай камандзе. Тым больш Глеб, хаця ў апошнія два гады ён не быў на тым узроўні, на якім павінен быць, - гэта імя. І яго статус, яго кантракт не дазваляюць яму гуляць у камандах не яго ўзроўню. Таму гэта будзе дастаткова сур’ёзны клуб. Варыянты ёсць, трэба толькі разумна ўсё абмеркаваць. Праз пэўны час усё стане на свае месцы”.







Фота: сайт "Барселоны"