Амаль палова жыхароў рэгіёнаў не ведае кіраўнікоў сваіх абласцей

Кіраўнікоў сваіх абласцей не ведае амаль палова жыхароў беларускіх рэгіёнаў. Пра гэта сведчаць вынікі апошняга даследавання сацыялагічнага цэнтра "Зеркало-Инфо".
Паводле гэтых звестак, прозвішча кіраўніка Гродзенскай вобласці Ўладзіміра Саўчанкі назвалі 56% апытаных, 18% яго не ведалі, а 26% сказалі, што ім цяжка адказаць на гэтае пытанне. Кіраўніка Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара ведаюць 55%, а вось 45% не ведаюць ці не памятаюць.

Крыху горшая сітуацыя ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Напрыклад, на Віцебшчыне 4% апытаных яшчэ не праінфармаваныя пра сыход Уладзіміра Андрэйчанкі ў Мінск і ўпісалі яго прозвішча. Такая ж сітуацыя і на Магілёўшчыне з Барысам Батурам, які таксама ўжо працуе ў сталіцы. А прозвішча яго наступніка Пятра Рудніка ведаюць толькі 26% апытаных, паведамляе "Ежедневник".