Анастасія Новікава стала чэмпіёнкай Еўропы па цяжкай атлетыцы

Бронзавы прызёр Алімпіяды-2008 беларуска Анастасія Новікава стала чэмпіёнкай Еўропы. Кантынентальнае першынство праходзіць гэтымі днямі ў Бухарэсце.
Новікава, якая выступала ў вагавой катэгорыі да 58 кілаграмаў, набрала ў суме дваяборства 216 кг. У гэтай жа катэгорыі выступала яшчэ адна беларуска Ірына Мішчук, якая заняла 7-е месца.

У Бухарэст адправіліся яшчэ пяць нашых цяжкаатлетаў: Таццяна Стукалава, Юлія Наваковіч, Мікалай Чарняк, Мікалай Новікаў і Міхаіл Аўдзееў. Большасць каманд, у тым ліку і беларуская, прадстаўленыя далёка не наймацнейшымі складамі.

Лепшыя штангісты вырашылі прапусціць гэты чэмпіянат і рыхтуюцца да сусветнага першынства, якое пройдзе ў лістападзе ў Паўднёвай Карэі.

БЕЛТА