Анатоль Ляўковіч: Я не выключаны з партыі, выключылі Грыба і Трусава
Былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) абвяшчае "чысткі" партыйных шэрагаў і прызначае новы з'езд на 23 красавіка. (АБНОЎЛЕНА)
Канфліктная сітуацыя склалася ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Раённая арганізацыя ў Брэсце выключыла з партыі былога старшыню БСДП (Г) Анатоля Ляўковіча, а Ляўковіч, у сваю чаргу, заявіў пра выключэнне з партыі такіх вядомых асобаў, як Мечыслаў Грыб і Алег Трусаў.
Сябра партыйнага камітэту Маскоўскага раёна Брэста і намеснік кіраўніка абласной арганізацыі Валянцін Лазарэнкаў кажа, што Ляўковіча пакаралі за парушэнне статуту. Паводле яго слоў, партыйцы былі ўзрушаныя тым, што Ляўковіч на старонках газеты "СБ" прызнае афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў і сцвярджае, што сацыял-дэмакраты галасавалі за Лукашэнку.
"Гэта спроба стаць сістэмнай апазіцыяй і нейкім чынам знайсці паразуменне з уладай", — кажа Лазарэнкаў пра дзейнасць Ляўковіча.
Нагадаем, летась прайшоў з'езд БСДП (Грамада), на якім новым старшынём быў абраны Анатоль Сідарэвіч. Аднак Ляўковіч вынікаў з'езду не прызнаў і атрымаў у гэтым падтрымку Міністэрства юстыцыі.
Валянцін Лазарэнкаў таксама паведаміў пра дзіўную заяву Ляўковіча, агучаную на згаданым раённым сходзе. З яе вынікае, што былы старшыня партыі пры падтрымцы Мінюста пачаў у партыі "зачыстку" іншадумцаў.
Лазарэнкаў: "Ён заявіў, што сёння з Міністэрствам юстыцыі ён стварыў групоўку, сваю групоўку, там 7 чалавек і ўжо пэўную колькасць кіраўніцтва партыі выключыў і выключыць усіх астатніх. Бо такі дазвол яму дала Міністэрства юстыцыі, дало паўнамоцтвы прэзідыюма і ЦК".
Анатоль Ляўковіч рашэнне пра сваё выключэнне з партыі не прызнае. Вось што ён распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё:
"Казаць пра выключэнне не прыходзіцца. Я прысутнічаў там, я давёў інфармацыю аб тым, што створаны аргкамітэт па паўторным правядзенні з'езда. І тое, што гэты аргкамітэт выключыў шэраг сяброў з партыі. У ліку іх Маслоўскі, Канюс, Грыб, Трусаў і іншыя".
Анатоль Ляўковіч падкрэслівае, што на сходзе "арганізацыі, якую ён ствараў у свой час", было толькі некалькі чалавек з 80 сяброў.
Паводле слоў Ляўковіча, у паразуменні з Мінюстам ужо прызначаная дата з'езда партыі — ён мусіць адбыцца 23 красавіка. Экс-старшыня спадзяецца, што здолее "выратаваць партыю" ад ліквідацыі.
Анатоль Ляўковіч: "Сёння пытанне ў партыі стаіць іншае — быць партыі ці не быць. Бо партыя атрымала два пісьмовых папярэджанні і паўстала пытанне аб закрыцці партыі".
Еўрарадыё будзе і далей сачыць за падзеямі ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і яе лёсам.
Фота — svaboda.org