Англамоўная версія Euronews распавяла, чаму выбары будуць для Лукашэнкі цяжкімі
Расійская служба Euronews адрозна ад англамоўнай расстаўляе акцэнты ў выпуску відэасюжэта пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Расійская версія гаворыць пра мэты, якія пераследуе Аляксандр Лукашэнка, прызначыўшы выбары ўжо на снежань. Па-першае, "праблемы з пастаўкамі расійскага газу і нафты пачнуцца не раней за 1-га студзеня, а значыць ужо пасля выбараў". Па-другое, "у апазіцыі застанецца менш часу на падрыхтоўку перадвыбарчай кампаніі".
"У гэты раз у іх [апазіцыйных кандыдатаў], здаецца, больш шанцаў, чым калі-небудзь. На гэтых выбарах Лукашэнка больш не зможа заручыцца падтрымкай расійскіх калегаў", — завяршаецца расійскамоўная версія выпуску.
У англійскай версіі гаворыцца пра прычыны, па якіх на гэты раз 4-я выбары "доўгатэрміновага кіраўніка... які лічыцца аўтарытарным" будуць цяжэйшыя за папярэднія.
Па-першае таму, што адбылося рэзкае пагаршэнне калісьці вельмі блізкіх адносін з Расіяй. "Магутны сусед, Расія, больш за любога іншага апанента, можа падарваць чаканні прэзідэнта".
Англамоўная версія выпуску нагадвае, што сёлета Расія на тры дні часткова перакрыла газавыя пастаўкі ў Беларусь, і гэта толькі адна з спрэчак паміж краінамі. Да таго ж "расійскае тэлебачанне выпусціла тры дакументальныя фільмы, якія вінавацяць Лукашэнку ў вялікай карупцыі".
Іншая прычына цяжкай сітуацыі для Аляксандра Лукашэнкі — "усё большае незадавальненне ў грамадстве ростам цэн на спажывецкія тавары", гаворыць англамоўны выпуск.
Ён завяршаецца словамі аб тым, што назіральнікі прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2006-га непраўдзівымі.