Антон Астаповіч абмеркаваў з Паўлам Латушкам ахову гістарычнай спадчыны

Міністр культуры Беларусі Павел Латушка і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч 7 жніўня абмеркавалі пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Як паведаміў Еўрарадыё Антон Астаповіч, сустрэча доўжылася больш за гадзіну. Па словах гісторыка, абмяркоўваліся такія праблемы, як выдача Міністэрствам культуры дазволаў на працы на гісторыка-культурных каштоўнасцях у тых выпадках, калі іх нельга выдаваць. Абмяркоўвалася таксама праблема археалагічных даследаванняў у Беларусі. Па словах Астаповіча, археолагі з Інстытута гісторыі часта даследуюць толькі археалагічны пласт помнікаў, не зважаючы на архітэктурныя асаблівасці.

Астаповіч: Абмяркоўваліся праблемы Навукова-метадычнай Рады, таму што яна не заўсёды прымае адэкватныя рашэнні.

Па словах Антона Астаповіча, была дасягнутая дамоўленасць, што ў склад Навукова-метадычнай Рады ўвядуць прадстаўніка аднаго з грамадскіх аб'яднанняў, якія займаюцца аховай гісторыка-культурнай спадчыны.

Праблема Курапатаў на сустрэчы не абмяркоўвалася. Гісторык адзначыў, што падчас размовы пытанні паасобных помнікаў гісторыі і культуры не ўздымаліся.