Апазіцыя правядзе ў Мінску несанкцыянаваную акцыю супраць "чорнага спісу"

Акцыю пратэсту супраць існавання ў Беларусі палітневыязных маюць намер правесці сёння ў Мінску прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Мяркуецца, што ў ёй возьмуць удзел старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Дзмітрый Дашкевіч, кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі "Правы альянс" Юрый Карэтнікаў і актывіст маладзёжнага руху Павел Кур'яновіч.
Яны збіраюцца пікетаваць Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральную пракуратуру і перадаць патрабаванні аб ліквідацыі спісу палітневыязных. Праз амбасаду Францыі ў Беларусі і офіс АБСЕ палітыкі перададуць копіі звароту ў Еўрасаюз і АБСЕ.

Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю БелаПАН адзначыў, што апазіцыянеры вымушаныя былі пайсці "на адкрыты пратэст супраць прыгоннага права, разнастайнасцю якога з'яўляецца забарона на выезд з краіны па палітычных матывах".