Апазіцыя збірае подпісы па максімуме, а чыноўнікі супакойваюцца на мінімуме

Яраслаў Берніковіч сабраў больш за 3,5 тысячы подпісаў у сваю падтрымку і спыняцца не збіраецца. Сяргей Касцян сабраў 1,5 тысячы і супакоіўся. Мікола Статкевіч скардзіцца, што толькі 36 з 63 яго паплечнікаў па “Еўрапейскай кааліцыі” сабралі неабходную 1 тысячу. Анатоль Лябедзька кажа, што ціск з боку спецслужбаў і ўладаў дзейнічае на яго заспакаяльна. А Сяргей Забалоцец чакае свайго вылучэння ад працоўнага калектыву. Нягледзячы на пагрозы апазіцыі аб’явіць выбарам дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў байкот, ахвочыя патрапіць у парламент як з боку дэмсіл, так і ад улады не губляюць дарэмна час і актыўна збіраюць подпісы грамадзян у сваю падтрымку на вылучэнне іх кандыдатамі ў дэпутаты. Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто з палітыкаў ужо дасягнуў неабходнага для рэгістрацыі мінімуму ў 1 тысячу галасоў і з якімі складанасцямі падчас збору подпісаў сутыкнуўся.

Пакуль бясспрэчным лідэрам па колькасці сабраных подпісаў лічыцца сябра Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. У яго больш за 3,5 тысячы подпісаў у падтрымку.

Яраслаў Берніковіч: “Ужо больш за 3,5 тысячы подпісаў маю. За першыя 4 дні сабраная была тысяча.У нас такога ніколі не было. Я з 1999 года збіраю подпісы – 1300-1350. А тут я сам быў уражаны! І гэта толькі па Глыбокім. Акруга вялікая – Глыбоцкі і Докшыцкі раёны, і ў Докшыцах мы яшчэ не пачыналі збіраць”.

Але калі Берніковіч спыняцца на гэтай лічбе ўжо сабраных подпісаў не збіраецца, то дэпутат ПП Сяргей Касцян, сабраўшы 1,5 тысячы, вырашыў на гэтым першы этап перадвыбарнай кампаніі скончыць. І пачаў праводзіць сустрэчы з будучымі выбаршчыкамі.

Сяргей Касцян: “Я гэта раблю ў якасці дэпутата акругі. Калі ўжо пачнецца рэгістрацыя, тады гэтага рабіць будзе нельга. А пакуль – у межах працы дэпутата ў акрузе. Гэта зацверджаны афіцыйны графік”.

Еўрарадыё расказвала пра тое, што сябру ініцыятыўнай групы дэпутата дырэктар саўгаса-камбіната “Каменка” парваў пасведчанне. Сяргей Касцян убачыў у гэтым перашкоды з боку свайго суперніка па выбарах, старшыні Ельскага райвыканкама. Па словах палітыка, гэты інцыдэнт замялі, а новых не было.

Сяргей Касцян: “Таварыш той папрасіў прабачэння за тое, што пагарачыўся, і ніякіх перашкодаў больш няма”.

Як паведаміў Еўрарадыё каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, 36 з 63 чалавек, якія вылучаюцца ад імя кааліцыі, ужо сабралі неабходную для рэгістрацыі 1 тысячу подпісаў. Па словах палітыка, хутчэй за ўсё дасягнуць гэтую лічбу і астатнія. Больш складаная справа з перашкодамі на шляху “еўрапейцаў” да выбараў. Так, напрыклад, кандыдат ад кааліцыі па Наваполацку вымушаны быў заявіць аб неўдзеле ў выбарах з-за ўціску на працы.

Мікола Статкевіч: “У Брэсцкай вобласці, у Баранавічах людзей запалохваюць па месцы працы. Кажуць, што калі яны будуць за нашых падпісвацца, то гэта вылічаць. Ёсць звольненыя з “Еўрапейскага спісу” – у Бабруйску, Таісія Кабанчук. У Гродна кандыдатаў выклікаюць у КДБ, а ў Магілёве – у Дэпартамент фінансавых расследаванняў”.

Без усялякіх праблем і супраціву з боку ўладаў альбо праваахоўных органаў сабраў больш за 2,5 тысячы подпісаў у сваю падтрымку старшыня ПКБ Сяргей Калякін. І, кажа, спыняцца не збіраецца.

Сяргей Калякін: “Ужо ёсць больш за 2,5 тысячы подпісаў, хоць патрэбна ўсяго 1 тысяча. Мы іх працягваем збіраць, хоць фармальна маглі б гэтага ўжо не рабіць”.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, ён да такой ступені ўпэўнены ў сваіх сілах, што нават не цікавіцца тым, колькі подпісаў за яго ўжо сабрана. Кажа, яго больш займаюць тыя акругі, дзе ў кандыдатаў ад АДС ёсць пэўныя праблемы са зборам. Што ж тычыцца перашкод, то, па словах палітыка, яго б больш насцярожыла іх адсутнасць.

Анатоль Лябедзька: “Канешне, ціснуць! Але я лічу, што гэта перманентная праблема, якая існуе заўсёды. А падчас кампаніі проста колькасна павялічылася. У Гродна выходзяць на бацькоў і кажуць, што дзеці працуюць у групе Яраслава Раманчука, а яны студэнты, хутка пачнецца навучанне і будуць праблемы. Альбо сітуацыя ў звязку з тэрарыстычным актам – добрую траціну нашых людзей прапусцілі праз сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ, здыманне адбіткаў пальцаў. Зараз гэта робяць пасля 18 гадзіны. У тым жа Гродне людзі выходзяць з дома, дзе збіраюць подпісы, а іх ўжо чакае машына з супрацоўнікамі КДБ – і павезлі!”

Паспрабавала Еўрарадыё даведацца, якія планы на чарговае дэпутацтва ў намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца. Па словах яго памочніка Уладзіміра Валейскага, гаварыць пра гэта яшчэ рана, бо калі парламентарый і пайдзе на выбары, то ў якасці вылучэнца ад працоўнага калектыву. Сходу ж па вылучэнні яшчэ не было. Але ўлічваючы тое, што такім вылучэнцам подпісы ў сваю падтрымку збіраць не трэба, спяшацца сапраўды няма чаго.