Апеляцыйны суд Тайланда пастанавіў эстрадзіраваць Віктара Бута ў ЗША

Апеляцыйны суд Тайланда сёння пастанавіў эстрадзіраваць расіяніна Віктара Бута ў ЗША, паведамляе РІА Новости.  Нагадаем, Бут, якога называюць адным з найбуйнейшых гандляроў зброяй у свеце, быў арыштаваны ў Банккоку ў сакавіку 2008 года па запыце ЗША. У Амерыцы яго абвінавачваюць у "змове з мэтай забойства грамадзян ЗША", "нелегальным абароце сродкаў Супрацьпаветранай абароны" і "матэрыяльнай падтрымцы тэрарыстычнай арганізацыі".

Раней Тайланд адмаўляў ЗША ў экстрадыцыі Віктара Бута. Аднак пасля з'яўлення новых абвінавачванняў, у тым ліку ў махлярстве і адмыванні грошай, апеляцыйны суд пагадзіўся на патрабаванні амерыканцаў.

Паколькі апеляцыйны суд Тайланда з'яўляецца вышэйшай інстанцыяй па справах аб экстрадыцыі ў гэтай краіне, яго рашэнні далейшаму абскарджванню не падлягаюць. Бут мусіць быць адпраўлены ў ЗША на працягу трох месяцаў.