Арамнаў: Мы з галоўным трэнерам ужо размаўлялі і больш мірыцца не будзем
Беларускі штангіст-рэкардсмен атрымаў траўму і прапусціць чэмпіянат Еўропы.
Беларускі штангіст-рэкардсмен Андрэй Арамнаў атрымаў траўму і прапусціць чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, які пройдзе ў сярэдзіне красавіка ў Казані.
“У мяне стары пералом, які зноў выявіўся на кісці з-за нагрузкі. Яшчэ нікому не гаварыў пра гэта. Ад недахопу вітамінаў, не магу вытрымліваць вялікія нагрузкі, сфарміравалася трэшчына па старым шве, — распавёў Андрэй у размове з Еўрарадыё. — Я трэніраваўся яшчэ тры дні таму. Адчуў, што баліць кісць, не мог выканаць нават сваю трэніровачную нагрузку, зрабіў здымак — пералом ад стомленасці косці. Трэба абкалвацца вітамінамі, дапаўняць усе суставы і костачкі, каб усё зраслося”.
Арамнаў працягвае трэніроўкі ў "Стайках". Ён упэўнены, што здолее аднавіцца да лістападаўскага чэмпіянату свету.
Андрэй Арамнаў: “Я буду ўжо зараз пачынаць рыхтавацца да чэмпіянату свету. Я думаю, не трэба страчваць форму, таму што цяпер знаходжуся ў выдатнай кандыцыі. Калі б не балела рука, я б выступаў у кожным разе. Я займаюся са сваім асабістым трэнерам Міхаілам Мікалаевічам Саладаром і Уладзімірам Вітальевічам Барздаковым”.
Між тым канфлікт цяжкаатлета і галоўнага трэнера зборнай не вычарпаны. Арамнаў лічыць Аляксандра Ганчарова некампетэнтным (маўляў, яго схема трэніровак прыводзіць да траўм) і спадзяецца на яго адстаўку. Трэнер у сваю чаргу называе паводзіны штангіста “зорнай хваробай”.
“Я думаю, што канфлікт не вырашыцца. Таму што мы з галоўным трэнерам ужо размаўлялі і больш мірыцца не будзем, — выказвае сваю пазіцыю Арамнаў. — Мне цяжка трэніравацца ў зборнай, калі трэнер сядзіць збоку, ведаючы, што я не хачу, каб ён назіраў за маёй працай. Проста часам яму вучыць не хочацца, як трэба трэніраваць. А ён разумееце, з-за маіх невялікіх няўдач — я недаразмяўся ці “перапахаў” — робіць нейкія там высновы. Мне нават не хочацца размаўляць пра нашага галоўнага трэнера. У яго няма выйсця, акрамя таго, каб мяне лаяць, казаць, што я дрэнны. А які я дрэнны? У мяне ўсе старты ў парадку. Два месяцы таму я папрасіў трэнажор для кісцей — ужо тады яны ў мяне балелі. Я ж разумею, мне ж трэба выступаць. Трэнажор мне прывезлі ў той дзень, калі я ўжо даведаўся, што ў мяне пералом. У зале трэба ўсталяваць трэнажоры, на якіх зручна працаваць. Калі ён сыдзе, горш не стане. Проста знікне вялікі раздражняльнік для ўсіх. У падрыхтоўцы атлетаў галоўны трэнер не прымае аніякага ўдзелу. Толькі выяўляе нейкія ўласныя амбіцыі”.
У размове з БелаПАН Аляксандр Ганчароў падкрэсліў, што патрабуе жорсткай дысцыпліны ў камандзе і прывёў прыклад бягухі Юлі Несцярэнкі, якая пасля расставання з трэнерам не можа паказаць добры вынік. На думку Ганчарова, за Арамнавым стаіць “пэўная група людзей”, якія хочуць пры дапамозе алімпійскага чэмпіёна змясціць яго з пасады. Трэнер нагадаў, што штангіст некалькі разоў затрымліваўся п’яным за рулём, а таксама паліў "спайс" (сінтэтычная марыхуана, якая пэўны час была дазволеная ў Беларусі).
У размове з Еўрарадыё Андрэй Арамнаў адзначыў, што атрымаў для сябе урок і з дысцыплінай у яго цяпер усё добра.