Арцём Канцавы з-за траўмы прапусціць матч з "Шэрыфам"

Форвард барысаўскага БАТЭ Арцём Канцавы прапусціць хатнюю гульню Лігі Еўропы супраць "Шэрыфа" з Тыраспалю. Футбаліст атрымаў непрыемную траўму ў суботнім матчы чэмпіянату Беларусі з жодзінскім "Тарпеда". "У Канцавога частковы разрыў прыводзячых цягліцаў справа, — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе БАТЭ. — Адбылося гэта падчас галявой атакі БАТЭ ў матчы з жодзінскім "Тарпеда", калі лік яшчэ быў 0:0. Канцавы зрабіў навес, Скавыш скінуў мяч Брэсану, і той забіў гол. Але ў гэты час быў кантакт з абаронцам "Тарпеда", які спрабаваў блакаваць навес".


Тэрмін узнаўлення пасля такіх траўмаў — не менш за месяц. Вельмі шмат залежыць ад медыкаў БАТЭ і ад таго, як пойдзе лекаванне, кажуць у клубе. І не выключаюць, што Канцавы з'явіцца на полі ўжо ў матчы супраць кіеўскага "Дынама", які адбудзецца ў Мінску 2 снежня.

Такім чынам, Арцём Канцавы прапусціць адну гульню БАТЭ ў Лізе Еўропы і тры матчы нацыянальнага першынства супраць "Шахцёра", "Белшыны" і мінскага "Дынама".