Атрошчанкаў, Малчанаў і Новік прысуджаныя да турэмнага зняволення

2 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска былі абвешчаныя прысуды траім удзельнікам мітынгу на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Аляксандр Атрошчанкаў, Аляксандр Малчанаў і Зміцер Новік прысуджаныя да розных тэрмінаў зняволення ў калоніях строгага рэжыма.

Суддзя Таццяна Чаркас прыслухалася да довадаў дзяржаўнай абвінаваўцы Аксаны Маладцовай і прызнала ўсіх траіх вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках па папярэдняй змове.  Суддзя палічыла, што аргументы адвакатаў падсудных не маюць падставаў. Затое паказанні сведкаў, на яе думку, былі паслядоўнымі і пацвярджаліся відэаматэрыяламі.

Такім чынам, суд прызнаў факт змовы паміж імі і не прыслухаўся да адвакатаў, якія заклікалі не абвінавачваць падсудных у масавых беспарадках. Адзіная палёгка датычылася Аляксандра Малчанава: з яго знялі абцяжарваючыя абставіны ў выглядзе алкагольнага ап'янення іабвінавачванне ў супраціве прадстаўнікам улады.

Увесь дзень 2 сакавіка Еўрарадыё вяло тэкставую анляйн-трансляцыю з залі суда. Азнаёміцца з ёй можна тут.