Аўстралія жорстка абмяжоўвае прыток бежанцаў з Азіі

Пра гэта ў пятніцу, 19 ліпеня заявіў аўстралійскі прэм’ер Кевін Рад, інфармуе ВВС.


Паводле ягонай заявы, ніводзін уцякач, які прыбудзе ў Аўстралію на караблі, не будзе мець ніякага шанцу на атрыманне афіцыйнага статусу імігранта.



Такое жорсткае рашэнне было, паводле прэм’ера, прынятае для паляпшэння бяспекі аўстралійскіх межаў. Новая міграцыйная палітыка мае на мэце адбіць ахвоту ў іракскіх і аўганскіх уцекачоў ад рызыкоўных марскіх падарожжаў у Аўстралію ў непрыстасаваных для гэтага судах, на якія яны сядаюць ў Малайзіі і Інданэзіі.



Заявы аб наданні статусу імігранта будуць цяпер разглядаць папуаскія ўстановы. Папуа Новая-Гвінея павялічыць колькасць міграцыйных офісаў на выспе Манус.



Колькасьць людзей, якіх Аўстралія можа адправіць на Папуа — Новую Гвінею, дамова не вызначае. Папуа — Новая Гвінея атрымала самастойнасць ад Аўстраліі ў 1975 годзе.


З пачатку году ў Аўстралію прыбылі морам больш за 13 тысяч нелегальных мігрантаў. Сотні ўцекачоў патанулі ля берагоў краіны. На гэтым тыдні ў Індыйскім акіяне затанулі 2 караблі з уцекачамі, якія накіроўваліся ў Аўстралію. Чацвёра загінулі.