Бабруйчанін абстраляў міліцыянтаў з пнеўматычнага пісталета

Жыхар Бабруйска абстраляў міліцыянтаў увечары 16 лістапада ў адной з кватэраў па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Як інфармуе БЕЛТА, пад нязначнай нагодай 28-гадовы бабруйчанін уварваўся ў кватэру свайго суседа. Там ён зрабіў некалькі стрэлаў з пнеўматычнага пісталета ў гаспадара. На месца здарэння прыбылі міліцыянты, але хуліган абстраляў і іх. 

Паведамляецца, што праваахоўнікі не пацярпелі. Яны аператыўна абясшкодзілі нападніка і даставілі яго ў пастарунак.

Выявілася, што мужчына быў нецвярозы. Раней ён ужо быў неаднаразова судзімы за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Цяпер на правапарушальніка пачалі крымінальную справу за пагрозу гвалту супраць супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Фота — imenno.ru