BBC паведаміла, што Чавес умацаваў пазіцыі Мінска ў спрэчцы з Масквой

Паабяцаўшы пастаўляць у Беларусь 10 мільёнаў тон нафты, прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, верагодна, умацаваў пазіцыі Мінска ў зацягнутай энергетычнай спрэчцы з Масквой, паведамляе BBC. Венесуэла мае самыя вялікія запасы нафты. Беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам не будзе бракаваць на працягу 200 гадоў, заявіў прэзідэнт Чавес.

10 млн. тон венесуэльскай нафты ў год — гэта амаль палова аб'ёмаў, якія дазвалялі беларускім нафтапераапрацоўшчыкам ўстойліва папаўняць валютай бюджэт краіны. Са студзеня гэтага года прыбыткі беларускіх нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў паменшыліся ў 10 разоў, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі знізіўся больш, чым у 5 разоў.


Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што гэтая венесуэльская нафта, хутчэй за ўсё, пастаўляецца на бартэрных умовах, у абмен на вызначаныя паслугі, якія Беларусь аказвае Венесуэле. У першую чаргу, ваенна-тэхнічнага характару. Напрыклад, пераўтварэнне сістэмы проціпаветранай абароны Венесуэлы.


Прэс-аналітык Наталля Грыгор'ева адзначае, што кошт венесуэльскага кантракту — гэта яшчэ і магчымасць прадэманстраваць Крамлю, у якім Чавеса толькі што прымалі, самастойнасць і значнасць беларускіх кантактаў.