Беларусь разгледзіць пытанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі не раней 2009 года

Беларускі парламент можа разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў 2009 годзе. Такое меркаванне выказаў кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч.
"Наўрад ці варта спяшацца, але і зацягваць з прыняццём рашэння таксама не трэба. Калі мы не паспеем вызначыцца па гэтым пытанні да Новага года, я ў гэтым нічога страшнага не бачу. Значыць, гэта адбудзецца ў наступным годзе", - сказаў ён у інтэрв'ю расійскай газеце "Время новостей".

Як паведамляе ИТАР-ТАСС, зварот Паўднёвай Асеціі Маскевіч атрымаў днямі, а Абхазія перадала дакументы ў Палату прадстаўнікоў раней.