Беларус уцёк ад крыміналкі "за пратэсты". Цяпер яго цягаюць па судах у Польшчы

Унутры будынка суда горада Бяла-Падляска перад працэсам па справе беларуса Віталя / Б***ат
Унутры будынка суда горада Бяла-Падляска перад працэсам па справе беларуса Віталя / Б***ат

11 лютага ў раённым судзе Бяла-Падляскі разгледзелі справу брастаўчаніна, які ўцёк ад крымінальнага пераследу ў Польшчу. Там Віталю інкрымінуюць незаконнае перасячэнне мяжы. Яго польскім сябрам, Барталамею і Алене, ставяць у віну дапамогу ў арганізацыі перапраўкі. Уцекачу з Беларусі пагражае да трох гадоў, а яго таварышам — да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

— Я думаў, што гэта пасяджэнне будзе апошняе. Нас абвінавачваюць у арганізаваным перасячэнні мяжы. Але няма ні аднаго доказу таго, што яно было арганізаванае. Маё меркаванне, што як быццам наўмысна спрабуюць знайсці нейкія зачэпкі для таго, каб нас асудзіць хоць бы ў чымсьці, — дзеліцца меркаваннем з Еўрарадыё Віталь. — Можа быць, таму, што я хадзіў па мяжы каля паўгадзіны і, адпаведна, гэта можа паказваць, што польскія памежнікі дрэнна працавалі ў той дзень. Каб не атрымаць па шапцы, трэба паказаць бачнасць працы, кагосьці асудзіць. Што вось, маўляў, мы затрымалі нейкую групу. Але я не бандыт. Я нічога дрэннага ў Польшчы не зрабіў. На маім баку цяпер як польскія законы, так і жэнеўскія, дзе ёсць забарона на крымінальны пераслед уцекача, які незаконна перасек мяжу.

Белорус сбежал от уголовки “за протесты”. Теперь его таскают по судам в Польше
Пераход мяжы ў пошуках прыстанішча абярнуўся для Віталя судовымі цяжбамі / фота са старонкі ў фэйсбуку NSZZ Funkcjonariuszy Straży Granicznej

Як расказвае сам брастаўчанін, ён быў прадпрымальнікам. Пасля падзей жніўня-2020 у Беларусі яго аб'явілі ў крымінальны вышук. Мужчына сцвярджае, што на радзіме яму пагражае сумарна каля дзесяці гадоў турмы. Таму ён нелегальна перайшоў мяжу Польшчы з мэтай атрымаць палітычны прытулак. Віталь расказвае, што, калі яго не было, да яго дадому неаднаразова наведваліся сілавікі.

— Быў штурм майго дома з аўтаматамі, бронекамізэлькамі і гэтак далей. Раніцай яны ўрываюцца ў дом, крычаць на жонку: "Дзе твой муж? Кажы, інакш цябе забяром і сына твайго забяром". Потым перыядычна прыходзілі і пыталіся: з'яўляўся я дома ці не.

Сведкі-памежнікі сцвярджаюць, што з дапамогай цеплавізійнай камеры яны заўважылі машыну, якая нібыта  прыехала па Віталя. Па іх словах, ён кінуў у аўто свае рэчы і збіраўся спешна з'ехаць разам з сябрамі без спроб здацца праваахоўнікам.

Праз адсутнасць на працэсе другога сведкі-памежніка, які разам з калегам затрымліваў Віталя на мяжы, суддзя прызначыў слуханне справы на 11 сакавіка. Па словах адваката Томаша Віліньскага, "11 сакавіка ўсё скончыцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.