Беларусьфільм: Пытанне наконт здымкаў фільма з Ван Дамам пакуль не вырашана

"Беларусьфільм" атрымаў прапанову ад амерыканскай кампаніі Motion Picture Corporation of America (MPCA) зняць фільм на беларускай базе. Галоўную ролю ў стужцы, якая мае працоўную назву "Зброя", выканае Жан-Клод Ван Дам. Як распавяла Еўрарадыё прэс-сакратар кампаніі Валянціна Белякова, пакуль складана сказаць, калі пачнуцца здымкі, бо перамовы яшчэ вядуцца, і калі яны будуць скончаныя - невядома. Белякова: "Разумееце, у нас 12 гадзінаў розніцы па часе. Умоўна кажучы, сёння мы ім дасылаем ліст, і толькі назаўтра атрымліваем адказ"

Але на мінулым тыдні прадзюсеры Джасцін Бурш, Патрык Ньювал і рэжысёр-сцэнарыст Эрнэст Барбараш наведалі "Беларусьфільм". Іх цалкам задаволіла як пляцоўка, такі і абсталяванне кінастудыі. Да таго ж, яны прапанавалі беларускім спецыялістам падабраць асноўны склад здымачнай групы на чале з дырэктарам і правесці кастынг беларускіх акцёраў.

Нагадаем, што сёлета ў сакавіку паведамлялася, што Ван Дам плануе зняць ва Ўкраіне карціну пад назвай "Вежа", дзе акцёр выступіць у якасці рэжысёра фільма, а таксама выканае галоўную ролю.