Беларуска-польская камісія пачне абмяркоўваць Саюз палякаў 9 сакавіка

Першае паседжанне польска-беларускай групы экспертаў пройдзе ў наступны аўторак 9 сакавіка. Група мае ўзгадніць шляхі вырашэння канфлікту вакол Саюза палякаў у Беларусі, паведаміў у сваім блогу старшыня Галоўнай рады неафіцыйнага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут. Пачобут кажа, што Саюз палякаў спадзяецца на тое, што арганізацыя зможа нарэшце спакойна існаваць:

Пачобут: Мы спадзяемся, што вынікам гэтай працы стане легалізацыя нашай дзейнасці. Цяпер нам вельмі важна, каб было вырашанае пытанне маёмасці, каб Дамы польскія былі вернутыя Саюзу палякаў, каб там адбывалася грамадска-культурная дзейнасць, а не камерцыйная...

Паводле непацверджанай інфармацыі, старшынёй польскай групы будзе  віцэ-міністр замежных справаў Анджэй Крэмэр, а беларускай - упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Аднак у Апараце Ўпаўнаважанага пра дзейнасць такой камісіі не ведаюць. Начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў і прававой работы Аляксандр Сасновіч у каментары Еўрарадыё адзначыў:

Сасновіч: На жаль, я не маю такой інфармацыі. Мне здаецца, што гэтым будзе займацца (калі будзе займацца) Міністэрства замежных справаў, бо гэта ж міжурадавыя адносіны... Міждзяржаўныя, будзем так казаць.