Беларуская малочная прадукцыя пастаўляецца ў Расію па новых правілах

Завершаны тэрмін пераходнага перыяду для афармлення дакументаў на беларускую малочную прадукцыю, што пастаўляецца ў Расію. З 1 жніўня беларускія прадпрыемствы маюць права ўвозіць у РФ прадукцыю, якая адпавядае новаму расійскаму тэхрэгламенту. Старыя санэпідзаключэнні з'яўляюцца несапраўднымі. БелаПАН нагадвае, што ў пачатку чэрвеня пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расію былі практычна цалкам спыненыя ў сувязі з тым, што беларускія вытворцы і пастаўшчыкі не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі. 16 чэрвеня бакі дамовіліся аб тым, што беларускія прадпрыемствы будуць паэтапна прыводзіць у парадак дакументацыю на прадукцыю, што пастаўляецца ў Расію. Тэрмін пераходнага перыяду быў вызначаны да 1 жніўня.

Днямі галоўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" сказаў, што праблем з пастаўкамі малочнай прадукцыі з Беларусі пасля 1 жніўня не будзе. Паводле слоў чыноўніка, падрыхтаваны рэестр прадукцыі, якая будзе пастаўляцца, уключаючы тую, што прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасці з тэхрэгламентам. "Такой прадукцыі — значная частка", — заявіў Анішчанка.