Беларускіх дзяцей, якія вернуцца з адпачынку за мяжой, чакае каранцін

Дзеці, якія вернуцца ў Беларусь з аздараўлення за мяжой пасля 23 жніўня на працягу некаторага часу будуць знаходзіцца на каранціне. Такім чынам медыкі спадзяюцца перашкодзіць распаўсюджванню магчымых выпадкаў заражэння "свіным" грыпам. Такую заяву зрабіла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар краіны Валянціна Качан.
Як паведамляе БЕЛТА, найперш гэтыя меры будуць датычыць арганізаваных калектываў дзяцей, якія праходзяць аздараўленне па лініі Міністэрства адукацыі (гэта каля 13 тысяч чалавек).

Каранцін працягнецца 7 дзён. На працягу гэтага часу дзеці будуць знаходзіцца пад медыцынскім наглядам, у выпадку неабходнасці яны не пойдуць у навучальныя ўстановы, а іх бацькам рэкамендуюць абмежаваць кантакты дзяцей з аднагодкамі.