Беларускія турысты ў замежжы не баяцца ні акулаў, ні вайны

Нядаўнія напады акулаў на расіян і ўкраінцаў у Егіпце не адбіліся на актыўнасці беларускіх турыстаў, канстатуюць спецыялісты турыстычных кампаніяў. Туры ў гэтую краіну раскупілі на паўтара тыдня наперад. Супрацоўнікі кампаніяў тлумачаць, што шмат хто з беларусаў свой адпачынак спланаваў ужо даўно і таму не хоча нічога мяняць. Да таго ж шмат хто яшчэ не чуў пра напады марскіх драпежнікаў на людзей. 1 студзеня ад нападу акулы ля берагоў курорту Шарм-эль-Шэйх сур’ёзна пацярпелі чатыры чалавекі. Але ж нават калі людзі ведаюць пра інцыдэнты на егіпецкіх пляжах, яны вераць у тое, што з імі тое ж самае не здарыцца. Масавыя адмовы ад тураў назіраюцца тады, калі ў абранай краіне здарылася паводка, цунамі ці яшчэ нейкае стыхійнае бедства. І ўвогуле беларусы рэдка мяняюць свае планы: нават калі ў Тайландзе былі ваенныя дзеянні, кліенты турыстычных кампаніяў вырашалі ехаць, паведамляе БелаПАН.